Общество

Былая палітзняволеная параўнала ўмовы ў івацэвіцкай калоніі, якая засталася без ацяплення, і ў Кіеве

У сеціве з’явілася інфармацыя пра тое, што калонія ў Івацэвічах, вядомая як «Воўчыя норы», засталася без ацяплення праз прарыў трубы, напісала Ірына Шчасная.

— Знаходзячыся ў Кіеве, я хоць крыху разумею, што значыць холад. Але тут у мяне заўсёды ёсць выбар: апрануцца цяплей, больш рухацца, заліць у кубак гарачую гарбату і сагрэцца.

Зусім іншая рэальнасць у тых, хто знаходзіцца ў зняволенні. Уявіць, як людзі вымушаныя мерзнуць без нармальнай вопраткі, з абмежаванай ежай па строгім рэжыме, працуючы ў халодных цэхах, амаль немагчыма.

На марозе нашы палітвязні пачнуць хварэць. А што такое санчастка ў месцах пазбаўлення волі — гэта асобная гісторыя. Калі коратка, сапраўднай медыцыны там проста не існуе.

Напэўна, ніколі ў жыцці я не чакала з такой надзеяй і трывогай, каб гэтая зіма нарэшце скончылася.

Па інфармацыі праваабаронцаў, у івацэвіцкай калоніі адключылі ацяпленне пасля таго, як там разарвала трубаправодную сістэму. У калоніі адбываюць пакаранне як мінімум 59 палітзняволеных.