Общество

Наталля Север

BYSOL: Затрыманні па справе «Гаюна» – гэта не проста працяг рэпрэсій, а асобны кірунак

Прагноз песімістычны: у фондзе мяркуюць, што сілавікі паспрабуюць адшукаць усіх інфарматараў.

Перамяшчэнне ваеннай тэхнікі РФ, Гомель, вясна 2022-га, скрыншот відэа, дасланага каналу Антона Матолькі

Больш за 250 жыхароў Гомельскай вобласці затрыманыя з пачатку 2025 года па справе «Беларускага гаюна».

Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра колькасць затрыманых няма. Анлайн-выданне «Флагшток» спасылаецца на асабістыя інсайты, у тым ліку атрыманыя ад сяброў і блізкіх фігурантаў спраў.

Людзей арыштоўваюць паволе крымінальнага артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

У спісах на затрыманне, па звестках выдання, могуць знаходзіцца больш за тысячу чалавек.

Нагадаем, у лютым гэтага года сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн». З таго часу ў праваабаронцаў пачалі з’яўляцца звесткі пра затрыманых людзей, якія дасылалі інфармацыю ў праект з моманту ўварвання Расіі ва Украіну.

Больш за ўсё пацярпелых фіксавалі ў Гомельскай вобласці.

— Так, апублікаваныя лічбы могуць адпавядаць рэчаіснасці, — пацвердзілі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» ў BYSOL. — Справа «Гаюна» для ўладаў і сілавікоў застаецца ў прыярытэце.

Гэта не проста працяг рэпрэсій, а асобны кірунак. Перадачу інфармацыі пра перасоўванне войскаў, нават расейскіх, улады ўспрымаюць, як асаблівую небяспеку.

Мы назіраем таксама, што затрыманні па справе «Гаюна» часта неапраўдана жорсткія. Яны адбываюцца з групамі захопу і сілавым элементам. Людзей адразу адпраўляюць у ізалятары.

Не выключана, што перад вучэннямі «Захад-2025» або падчас іх можа адбыцца шэраг паказальных судоў. Пакуль што гэтыя суды праходзілі без вялікага розгаласу, але ў «экспрэс-тэмпе».

У публікацыі «Флагштока» пішуць пра тое, што затрыманні праводзяць ГУБАЗіК і АМАП. Паводле нашых назіранняў, гэтым кірункам больш актыўна займаецца КДБ, падобна, што гэтую справу аддалі менавіта ім.

— Ці павялічылася ў сувязі з гэтым колькасць тых, хто звяртаецца да вас па дапамогу?

— Мы не бачым моцнага росту зваротаў па дапамогу ў сувязі з гэтай справай. Гэта можа тлумачыцца менавіта тым, што людзей хапаюць адразу і да суда не выпускаюць, няма варыянту з выклікамі на допыт і г.д.

Таксама людзі, якія сапраўды дасылалі інфармацыю «Гаюну», могуць цяпер апасацца звяртацца да праваабаронцаў.

— Што рабіць гэтым людзям цяпер, ці ёсць для іх нейкія парады?

— Лепш звяртацца да нас на гарачую лінію @help_bysol. Там параяць, што рабіць у кожным выпадку.

На жаль, агулам маем песімістычны прагноз — сілавікі не будуць спыняцца, яны паспрабуюць знайсці ўсіх.

Адзіная гіпотэза: можа, крыху супакояцца пасля вучэнняў, у тым выпадку, калі ўся гэтая аперацыя менавіта пад іх рабілася.