Политика

Юлія Кот

Церашковіч: «Рукамі тых, хто нас катаваў, мы аб’ядналіся на адной палітычнай прасторы»

Гісторык Павел Церашковіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра тое, чаму не спрацоўвае ідэя ўкараніць у Беларусі «Дзень народнага адзінства».

17 верасня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў з так званым «Днём народнага адзінства». Гэтае свята ўлады абвясцілі ў 2021 годзе як дзяржаўнае, але «сшыць» расколатае грамадства з яго дапамогай відавочна не атрымліваецца.

– 17 верасня 1939 года раздзелены міжволі народ нашай краіны набыў цэласнасць і свабоду, што дазволіла беларусам стаць паўнапраўнымі гаспадарамі сваёй зямлі, — сказана ў звароце Лукашэнкі.

А дэкан гістфака БДУ Аляксандр Каханоўскі сцвярджае, што 17 верасня «адзначалася многія гады», потым адышло крыху ў бок, але было «адноўлена тымі людзьмі, хто змагаўся за ўз’яданне Заходняй Беларусі з БССР». Колькі ў гэтых словах маніпуляцыі, а што праўда?

— Шчыра кажучы, не памятаю, каб у савецкія часы гэта неяк моцна святкавалася, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» гісторык Павел Церашковіч. — Іншая справа, што амаль у кожным заходнебеларускім мястэчку ці горадзе можна было сустрэць вуліцу 17 верасня — гэта так. Але, здаецца, на гэтым і ўсё.

Цікавае яшчэ тлумачэнне, чаму раней не адзначалі гэтую дату, а зараз пачалі: нібыта раней Савецкі Саюз не хацеў тым самым псаваць адносіны з брацкай сацыялістычнай Польшчай. А зараз што ўжо губляць, давайце псаваць.

— Чаму рэжым і прапагандысты так учапіліся ў гэтую дату — так патрэбна нейкая новая кропка адліку для кансалідацыі грамадства?

— А тут пытанне, за што ім увогуле чапляцца. Выбар адносна невялікі. Ёсць 3 ліпеня, нібы другі Дзень Перамогі. Што яшчэ застаецца? 23 лютага — гэтая дата, наадварот, выклікае адмоўныя пачуцці, асаблівае калі гэта звязана з пачаткам агрэсіі ва Украіне.

Так што рэпертуар святаў небагаты, няма асабліва з чаго выбіраць. Зразумела, што не надта хочуць выкарыстоўваць гісторыю дасавецкую — таму і выпала на гэты дзень.

Замацавалі ж яго, прыгадаем, у 2021 годзе. Бо ўлада выдатна разумела, якія настроі ў грамадстве. Думалі, мабыць, што гэта пазітыўная дата, якая выкліча пачуцці «ўз’яднання» і дапаможа нейкім чынам спалучыць сацыяльныя сувязі, разарваныя падчас задушэння пратэстаў.

— Выходзіць, скажам шчыра, не вельмі. І з помнікам «народнаму адзінству», конкурс на які ладзілі тройчы і які планавалі ўсталяваць у цэнтры Мінска, справы так сабе, і ўсенароднай радасці ў паветры не адчуваецца.

— Так, не атрымліваецца ва ўладаў укараніць такое свята. Я сказаў бы, крэатыўнасці не хапае.

Была яшчэ і кінастужка, прысвечаная падзеям 1939 года (фільм з відавочным прапагандысцкім пасылам  «На другім беразе» выйшаў у 2023-м, нават на расійскіх кінарэсурсах ягоная ацэнка сёння каля 3,5 балаў з 10 — С.). Але зробленая яна абы-як — таму і «не зайшла».

— На вашу думку, якое месца ў беларускай гісторыі і падручніках, напісаных без прапагандысцкага ўплыву, мусіць займаць гэтая дата — 17 верасня 1939 года?

— Вядома, стаўленне да яе супярэчлівае. Бо з аднаго боку — так, нібыта беларусы апынуліся ў адной краіне, БССР. З другога — а што да гэтага прывяло? Была барацьба за аб’яднанне? Не было.

Асабліва калі параўнаць, як аб’ядноўваліся немцы ў 1990 годзе. Там усё відавочна: было імкненне і дзяржавы, і грамадзянскай супольнасці. Вось узор таго, як аб’яднанне можа адбыцца.

У нашым выпадку — у Беларусі савецкай знішчылі культурную эліту, амаль што цалкам; у Беларусі Заходняй такіх масавых рэпрэсій не было, але ціск польскай дзяржавы быў вельмі моцны, практычна ўсе беларускія арганізацыі спынілі сваю дзейнасць. Можна было б нейкім чынам падаць: маўляў, кампартыя Заходняй Беларусі змагалася — так і яе ж фактычна не было.

І самае галоўнае — калі адбылося гэтае аб’яднанне. У ходзе перамоў паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам, — Молатавым і Рыбентропам. А дзе там беларусы? Дзе Панцеляймон Панамарэнка, хіба ён там побач стаяў? Абсалютна не.

То бок, мы былі прыладай, якой маніпулявалі. І хутчэй за ўсё, Сталін выкарыстоўваў гэтую карту — маўляў, тут беларусы, яны нам родныя, — для таго, каб далучыць тэрыторыі.

Таму, скажам так — ніхто ў беларусаў не пытаўся, нас аб’ядналі без нас. І такое аб’яднанне ж было не першым у нашай гісторыі. Падзел Рэчы Паспалітай, 1795 год — уся тэрыторыя, населеная беларусамі, трапіла ў Расійскую імперыю — таксама будзем святкаваць, ці што?

Або ўзяць XIV стагоддзе, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ, — зноў жа, давайце святкаваць. А мо, і яшчэ нешта падобнае знойдзем, каб адзначаць.

Павел Церашковіч узгадвае, як у 2003 годзе ва Украіне выйшла кніга «Украіна — не Расія», аўтарам якой быў пазначаны прэзідэнт Кучма (насамрэч, кажуць гісторыкі, кнігу пісаў калектыў аўтараў). Пра паўднёвыя тэрыторыі Украіны, якія ў РФ называюць Наваросіяй, там напісана: «Рукамі нашых прыгнятальнікаў, нашых мучыцеляў мы атрымалі выйсце да Чорнага мора».

Па аналогіі, мяркуе гісторык, можна было б сказаць і пра беларусаў: «Рукамі тых, хто нас катаваў, мы аб’ядналіся на адной палітычнай прасторы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)