Церашковіч: «Вельмі крыўдна, што ў рэйтынгу ёсць універсітэты Эфіопіі, Туніса, а Беларусі няма»

Гісторык — пра наступствы рэпрэсій і закручвання гаек у беларускай адукацыі.

Нядаўна ў Каардынацыйнай Радзе прайшлі адкрытыя слуханні па рэпрэсіях у галіне адукацыі і навуцы, дзе былі агучаны вынікі даследавання аб стане адукацыі ў Беларусі, пераследзе выкладчыкаў і навучэнцаў і перспектывах для адукацыі.

— Мы лічым неабходным быць салідарнымі з калегамі ў Беларусі і зрабіць усё магчымае, каб пра тое, што адбываецца, ведалі не толькі ў вузкім інтэлектуальным асяродку, але і ў больш шырокім, — падкрэсліў адзін з аўтараў дакладу, гісторык і культурны антраполаг Павел Церашковіч у эфіры Еўрарадыё.

Павел Церашковіч

Інфармацыю, распавядае ён, удалося атрымаць як з асабістых размоў з рэпрэсаванымі выкладчыкамі, так і з масіваў данных «Кіберпартызан», і нават з афіцыйнай беларускай статыстыкі, якая ўскосна засведчыла змяншэнне колькасці педагогаў у краіне.

— За два гады чамусьці зніклі з універсітэтаў 1550 чалавек, толькі ў адным Мінску — 900 чалавек, — расказвае Павел Церашковіч. — І 6265 настаўнікаў. Калі ўзяць ВНУ, гэта амаль 8% ад складу выкладчыкаў, у сярэдняй адукацыі — больш за 5,5%.

Пры гэтым трэба дадаць: у вялікай колькасці выпадкаў, на жаль, людзі не паведамляюць пра палітычна матываваныя звальненні. Многія папросту баяцца, што будзе яшчэ горш, калі пойдзе горш.

У нас ёсць лічбы, што 127 чалавек з акадэмічнай сферы (з іх 77 студэнтаў), прайшлі праз зняволенне ў розных формах, за кратамі і сёння застаюцца 18 такіх асоб.

У цяперашняй Беларусі, зазначае Церашковіч, склалася «ўнікальная тэхналогія кіравання асветай, якой не было нідзе ў свеце»: пасля 2020 года практычна ва ўсіх буйных універсітэтах, навукова-даследчых цэнтрах былі ўведзеныя пазіцыі намесніка кіраўніка па бяспецы і кадрах.

— Вядома, што гэта насамрэч афіцэры КДБ, якія сама меней кіруюць кадравай палітыкай у інстытуцыях. А з гэтымі асобамі звязаная цэлая сетка іншых выканаўцаў рэпрэсій: намеснікі па ідэалогіі, у абавязкі якіх уваходзіць сачыць за паводзінамі падначаленых і студэнтаў, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Першасную ж работу па палітычным ціску, як можна меркаваць са зладжаных намі інтэрв’ю, ва ўніверсітэтах вядуць дэканы і загадчыкі кафедрамі.

Летась рэпрэсіўная сістэма была дапоўненая спецыяльнымі камісіямі, якія ацэньваюць лаяльнасць кожнага выкладчыка і навукоўцы пры яго перапрызначэнні на пасаду. А паколькі большасць выкладчыкаў мае гадавыя кантракты — значыць, іх штогод будуць прапускаць праз гэтую сістэму, вызначаючы ступень лаяльнасці.

Якія наступствы для беларускай адукацыі будзе мець такая глабальная зачыстка і палітычны пераслед?

— Калі адным словам — гэта дэградацыя, — адказвае Павел Церашковіч. — Яшчэ да 2020 года я казаў аб тым, што Лукашэнка фактычна забіў навуку, няма яе ў сур’ёзным сэнсе ў Беларусі. А пасля 2020-га ён дабівае і сістэму адукацыі.

Тое, што ідзе дэградацыя, бачна па месцы ў міжнародных рэйтынгах, якія займаюць беларускія ўніверсітэты.

Яшчэ ў сярэдзіне 2010-х БДУ знаходзіўся ў самым прэстыжным рэйтынгу Times Higher Education. Не на лепшых пазіцыях, дзесьці ў восьмай сотні — але быў.

Сёння ў гэтым рэйтынгу (а ён улічвае 1500 лепшых ВНУ свету) беларускіх універсітэтаў няма ўвогуле.

Яшчэ адзін універсітэцкі рэйтынг, Шанхайскі — у ім зусім няма Беларусі як краіны. Гэта вельмі крыўдна, што ёсць універсітэты Эфіопіі, Туніса, а Беларусі цалкам няма.

Альбо быў такі ўлюбёны рэйтынг у беларускіх рэктараў — Webometrics. Ён улічвае не якасць універсітэта, а тое, у якім памеры той прадстаўлены ў віртуальнай прасторы. БДУ там меў нядрэнную пазіцыю ў другой ці трэцяй сотні — але зараз ідзе вельмі рэзкі абвал. І звязаны ён перадусім з тым, што людзі, якія гэтым займаліся, трапілі пад рэпрэсіі.

А калі браць навуку — па колькасці навуковых публікацый у салідных міжнародных выданнях Беларусь знаходзіцца паміж Шры-Ланкай і Непалам. Усё гэта сведчанні дэградацыі — не толькі за апошнія чатыры-пяць гадоў, гэта агулам вынік стаўлення рэжыму Лукашэнкі да сферы адукацыі і навукі.