Цыганкоў: «Усе ранейшыя гульні Лукашэнкі з Захадам былі тактычнымі крокамі, каб падвысіць сваю каштоўнасць перад Масквою»
Палітычны аглядальнік — пра тое, ці можа Лукашэнка пераабуцца ў палёце?
— Калісьці Лукашэнка дазваляў сабе газавыя, малочныя, іншыя «войны». Зараз максімум, на што ён здольны — «змагацца» за права абмяркоўваць, ці дазволена яму не насіць георгіеўскую стужку, — піша Віталь Цыганкоў.

Але ўсё роўна, час ад часу працягваюцца дыскусіі, а ці можа ён пераабуцца, паспрабаваць адарвацца ад Расеі?
Нярэдка, калі з’яўляюцца чарговыя паведамленні пра вызваленне палітвязняў ці пра нейкія таемныя кансультацыі афіцыйнага Менску з заходнімі эмісарамі, неабыякавыя людзі задаюцца пытаннем: а ці не можа Лукашэнка пераабуцца ў палёце, змяніць сваю арыентацыю, сваю прарасейскую замежную палітыку?
Кароткі адказ – не.
Рэч тут, канешне, не ў нейкіх цвёрдых каштоўнасна-палітычных прынцыпах гэтага чалавека – ён сваёй біяграфіяй не раз даказваў, што, калі яму гэта выгадна, можа змяніць любыя прынцыпы.
Пры тым узроўні залежнасці ад Расеі, якую Аляксандр Лукашэнка сам сабе ствараў доўгімі гадамі (а ў асабліва глыбокую яму трапіў пасля жніўня 2020 года, калі толькі ў Маскве, як у тым кашчэевым яйку, хавалася выратаванне для ягонай улады), рэальна пераабуцца ён ужо не мае магчымасці, нават калі б меў такое жаданне.
Тут шэраг эканамічных, палітычных, кадравых, ідэалагічных і нават псіхалагічных прычынаў.
Па-першае, эканоміка Беларусі сёння рэкордна глыбока інтэграваная ў расейскую. Туды ідзе прыкладна 65% беларускага экспарту, а яшчэ больш праз Расею далей на Усход, у Кітай і Казахстан, якія разам з Расеяй уваходзяць у пяцёрку галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі.
Па-другое, Захад не давярае Лукашэнку, які спаліў шмат мастоў праз парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі і пасадку самалёта з Раманам Пратасевічам, а самае галоўнае – фактычна стаўся суагрэсарам падчас шырокамаштабнага нападу Расеі на Украіну, а беларуская прамысловасць усё больш актыўна працуе на расейскую абаронку.
Па-трэцяе, любы паварот на Захад запатрабуе саступак, што ставяць пад пагрозу асновы ягонай улады (вызваленне палітзняволеных, правядзенне свабодных выбараў, незалежная прэса).
Па-чацвёртае, любы намёк на празаходні паварот нявыгадны для атачэння Лукашэнкі, што складаецца з сілавікоў (якіх на Захадзе чакае толькі Гаага) і алігархаў: ім зусім не патрэбны празрысты і канкурэнтны бізнес. Можна сказаць, што пасля загадкавай смерці міністра замежных справаў Уладзіміра Макея ў лістападзе 2022 года ў асяроддзі Лукашэнкі няма людзей, якіх можна было б умоўна назваць «празаходнімі».
Ёсць і «па-пятае», і «па-шостае» – усяго не пералічыш. Дарэчы, усе ранейшыя гульні Лукашэнкі з Захадам, як я перакананы, былі не сапраўдным «пераабуваннем», а тактычнымі крокамі, каб падвысіць сваю каштоўнасць перад Масквою.
«Плаціце мне больш, а то я ўцяку на Захад», – як бы казаў Лукашэнка. «Не ўцячэш», – адказвала Масква, і яшчэ мацней заціскала абцугі.
Калі ўявіць, што Лукашэнка раптам рэальна захоча вырвацца з гэтых абцугоў і паміж менскім і маскоўскім рэжымамі здарыцца сапраўдны канфлікт, які дойдзе да таго, што Пуцін дашле войскі на Беларусь, а Лукашэнка (так, я мадэлюю амаль фантастычную сітуацыю) будзе заклікаць увесь свет дапамагчы, то… яму, дыктатару, які забіваў уласных грамадзянаў падчас пратэстаў, праз якога сотні тысячаў людзей цягам некалькіх гадоў вымушаныя былі ўцякаць з краіны, які даў тэрыторыю сваёй краіны для маршу расейскіх войскаў на Кіеў, – яму ніхто не дапаможа.
Лукашэнка гэта разумее і таму не рыпаецца, узорна выконвае вызначаную яму ролю васала. Максімум «фронды», якую ён можа сабе дазволіць – рызыкнуць не апрануць георгіеўскую стужку і гэтым выказаць сваю «самастойнасць».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное