Фрыдман: «Сапраўдных козыраў у руках Расіі няма»

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман — пра магчымыя перамовы Зяленскага і Пуціна ў Стамбуле, а таксама пра магчымасці аб’яднання беларускіх дэмсіл.

Аляксандр Фрыдман

Для Масквы прапанова Зяленскага, лічыць Фрыдман, была нечаканай.

— Зразумела, што яны дакладна ведалі, што Мерц і астатнія накіроўваюцца ў Кіеў, тут сенсацыі быць не магло. Нечаканасцю быў ультыматыўны тон і рэакцыя Трампа,  — кажа Фрыдман у эфіры Еўрарадыё. — Еўрапейцы падкрэслілі, што Трамп з імі пагадзіўся, і ён на іх баку. У гэтай сітуацыі трэба было нешта рабіць, вось яны і вырашылі, напэўна, прапанаваць еўрапейцам і амерыканцам такі варыянт: мы на ваш ультыматум пагаджацца не будзем, але на перамовы мы гатовыя.

Пуцін жа не казаў, што перамовы будуць адразу ў панядзелак або аўторак. Ён жадаў пацягнуць час: на перамір'е я не згодны, як вы чакалі, але на перамовы я гатовы.

Як мне падаецца, у Пуціна быў досыць просты план. Ён накіруе на гэтыя перамовы Дзмітрыева або дыпламатаў Ушакова і Лаўрова, і будзе ўсё як заўсёды. Выцягнуць Стамбульскія дамоўленасці 2022 года, і будзе дададзена сённяшняе тэрытарыяльнае пытанне.

Спачатку падавалася, што ў Расіі ўсё атрымліваецца. Той жа Трамп казаў, што Украіна павінна ехаць на перамовы. Але потым усё змянілася, калі Зяленскі агучыў сваю прапанову, якую падтрымалі еўрапейцы і фактычна Трамп. Адмовіць Трампу — гэта справа больш цяжкая.

Таму яны маўчаць і не ведаюць, што ім зараз рабіць. Я не лічу, што прыезд Пуціна туды — гэта асабліва верагодна. Але на 100% казаць, што ён не паедзе, я ў гэтым таксама не ўпэўнены.

Амерыканскі ціск можа ўзмацніцца, у такой сітуацыі Пуцін, магчыма, і паедзе. Але гэта будзе рызыкоўна, бо, кажучы мовай Трампа, сапраўдных козыраў у руках РФ асабліва няма.

«Сітуацыя можа змяніцца, калі раптам крэсла пад Лукашэнкам пачне хістацца»

Фрыдман таксама пракаментаваў словы былога палітзняволенага Юрыя Зянковіча, які пасля вызвалення рабіў заявы пра неабходнасць аб’яднання праціўнікаў рэжыму.

— Я не бачу патэнцыялу для поспеху гэтых заклікаў. Зараз не такая палітычныя сітуацыя: Лукашэнка трывала знаходзіцца ва ўладзе, сур'ёзных перашкодаў з боку дэмакратычных сіл і сур'ёзных праблем у яго няма, ён кантралюе сітуацыю. Выклікі, якія яго чакаюць, — гэта выклікі з Усходу. Магчыма, пры пэўных умовах, гэта выклікі з Захаду, але гэта выклікі знешнепалітычныя.

У дэмакратычных сіл зараз няма магчымасцяў, каб сапсаваць яму настрой і стаць пагрозай для ўлады. А калі ты знаходзішся ў палітычнай эміграцыі, не маеш рэальных шанцаў уплываць на сітуацыю ў Беларусі, калі твая роля вельмі пасіўная — у такіх умовах, канешне, пачынаецца змаганне паміж сабой, гэта абсалютна лагічна.

Калі не можам перамагчы галоўнага праціўніка, то пачынаецца барацьба паміж сабой, і праз гэта праходзілі розныя палітычныя рухі ў розных краінах.

Заявы Зянковіча абсалютна лагічныя: давайце разам аб'яднанаемся. Гучыць прыгожа, але нерэалістычна, бо зацікаўленасці ў аб'яднанні няма. Сітуацыя можа змяніцца, калі раптам крэсла пад Лукашэнкам пачне хістацца па розных прычынах. У такіх умовах можа быць пэўнае аб'яднанне.

Але апошнім часам мы назіраем толькі ўзмацненне канфліктаў, і гэта пры тым, што большую частку людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, гэтыя працэсы і канфлікты не цікавяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(49)