Фядута: «Атачэнню Лукашэнкі трэба будзе даказваць усяму народу, што ён іх прымушаў. Але гэта не так»

Былы палітвязень — пра тое, чаго чакаць у будычым.

Фота: Белсат

— У той момант, калі Лукашэнка загадаў збіць і выкінуць з Авальнай залы дэпутатаў-апазіцыянераў, стала зразумела, што вярнуцца назад немагчыма, немагчыма вярнуцца ў дэмакратыю, таму што быў здзейснены свядомы крымінальны ўчынак, — абазначыў паліттэхнолаг, журналіст, філолаг Аляксандр Фядута на ТОК момант, калі Лукашэнка вырашыў узурпаваць уладу.

Фядута прызнаўся, што калі сыходзіў з каманды Лукашэнкі, быў упэўнены, што той пратрымаецца яшчэ дзве кадэнцыі, згодна з Канстытуцыяй.

— Я разумеў, што ніякага імпічменту не будзе, што ён уладу ўтрымае. Але я не думаў, што ён будзе спрабаваць утрымліваць яе пажыццёва.

Калісьці я напісаў, што менавіта з’яўленне Колі ў атачэнні Аляксандра Рыгоравіча прымушае яго думаць аб сыходзе, бо абараніць хлопчыка ён будзе здольны толькі тады, калі захавае павагу да сябе. І калі ён будзе моцны і папулярны.

Таму тое, што зрабіў Лукашэнка — гэта злачынства не столькі перад беларускім народам, бо ён лічыць, што беларускі народ абавязаны яму ва ўсім, колькі перад гэтым хлопчыкам, перад сваім малодшым сынам.

Таму што зараз, як бы не сыходзіў Лукашэнка, яго ўласнае атачэнне будзе ірваць гэту сям’ю. Не мы, не апазіцыянеры, не тыя, хто сядзелі ў калоніях і турмах, не тыя, каго білі на плошчах, а атачэнне.

Бо ім трэба будзе даказваць нам і ўсяму народу, што яны былі ўсяго толькі інструментам у ягоных руках, што ён іх прымушаў. Але ён нікога не прымушаў, ён задавальняў усе просьбы аб сыходзе. І калі ты знаходзішся там, значыць, цябе гэта задавальняе.

Тое, што будзе адбывацца з сям'ёй Лукашэнкі пасля, будзе несправядлівым, бо тыя, хто будуць іх ірваць, будуць яшчэ горшыя за яго, таму што ён сапраўды верыць у тое, што робіць. Ён верыць, што інакш нельга, а яны добра разумеюць, што яны робяць: там не вера — там карысць.

І зараз ім кіруе не любоў да Колі, зараз ім кіруе страх за сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(29)