«І вось гэтае «мужчына павінен быць моцным» робіць вялікую шкоду»
Пра мужскія слёзы, падтрымку жонкі, і чаму важна, каб «дзяўчына круціла абруч», «Салідарнасці» распавёў актор і сузаснавальнік гурта «Разбітае сэрца пацана (РСП)» Павел Гарадніцкі.

— Павел, ваш спектакль «Мужчыны плачуць» у чэрвені з аншлагам прайшоў у Варшаве. Але ж здавалася, вы такі пазітыўны, аптыміст ды на афішы пасміхаецеся. Ці не кагнітыўны дысананс, бо, здаецца, спектакль пра мужчынскія слёзы...
— Ну, я люблю парадоксы, невідавочныя рэчы, і вельмі цаню іх у творчасці. Каб не банальна.
Даўно хацелася папрацаваць з паэзіяй. Мы сышліся з Мікітам Найдзёнавым, дамовіліся, што я вазьму яго вершы. Бо імкнуўся паразважаць на тэму мужчынскіх эмоцый, якія і дагэтуль ў грамадстве прынята хаваць.
Нам шмат гадоў казалі, што мужчына павінен хаваць свае эмоцыі, не плакаць. Маўляў, гэта няправільна, гэта вельмі перашкаджае. Такое саўковае выхаванне і зараз сядзіць у шмат кім. І відавочна, што гэта трэба ўжо выпраўляць.
Трэба зразумець, што ніхто нікому нічога не павінен. У першую чаргу чалавек, і мужчына ў тым ліку, павінен толькі сам сабе. Павінен быць у гармоніі з сабой, і, калі табе сумна, не забіваць гэты сум радасцю ды найграным аптымізмам.
Важна пражываць эмоцыі, не палохацца казаць пра тое, што баліць, не баяцца і паплакаць. Мы ўсе жывыя, і вось гэтае «мужчына павінен быць моцным» робіць нам вялікую шкоду. Наступствы псіхолагі потым разграбаюць не адзін год.
Таму мой спектакль пра тое, што мужчыны дазваляюць сабе розныя эмоцыі: не толькі быць моцнымі, а і быць слабымі, рознымі. Мне вельмі падабаюцца вершы Мікіты, і захацелася паказаць, што паэзія можа быць крутой. Бо з яе дапамогай можна зрабіць насамрэч нясумны спектакль. Запрашаю пабачыць гэта на свае вочы ў Варшаве 18 верасня.
«У нейкі момант пачынаеш плакаць ад бяссілля. І вельмі важна пражываць гэтыя слёзы адчаю»
— А калі вы апошні раз плакалі і чаму?
— Плакаў ад добрага кіно, якое нядаўна глядзеў. Яно пра чалавечнасць, пра тое, што мы ўсе падобныя, нам аднолькава баліць. Пачынаеш суперажываць чалавеку на экране, далучаешся да гэтых пачуццяў, бо яны нешта кранаюць і ў тваёй душы.
Мы ж і зараз у эміграцыі шмат якія эмоцыі пражываем. Бо адарваныя ад дома, адарваныя ад усяго звыклага, ад свайго роднага кавалка зямлі. Адарваныя ад родных. І ў нейкі момант папросту пачынаеш плакаць ад бяссілля. Вельмі важна не заціскаць, а пражываць гэтыя слёзы адчаю. А для творчага чалавека дык тым больш важна.
— А калі вы прыйшлі да адчування, што мужчынам плакаць не сорамна? І вырашылі сабе гэта дазваляць.
— З паступленнем ва ўніверсітэт, на акцёрскі курс. Бо там наадварот трэба было праяўляць эмоцыі. Шукаць тое, што рэзануе і баліць у душы. Каб у нейкі момант гэта суаднесці з роллю, і каб быць шчырым у гэтай эмоцыі.
Паралельна стала больш літаратуры па псіхалогіі, я таксама зацікавіўся.
Але ж насамрэч першы год ва ўніверсітэце я наогул не разумеў, што тут раблю, і чаго ад мяне патрабуюць. Разважаў: мо, гэта ўвогуле не маё?

І ў мяне, як быццам, атрымалася новую оптыку сабе паставіць, ўсё ж такі зразумець, што мне на сцэне трэба не гуляць, а жыць. Шчыра быць сабой, а не падманваць. У прапанаваных абставінах жыць па-сапраўднаму.
Потым адчуў энэргію гледачоў ды выйшаў з шкарлупіны сваёй заціснутасці. Стаў, як мне падалося, вольным чалавекам, бо пачаў дазваляць сабе эмоцыі.
«Не рабіць выгляд, што праблемы няма, а прызнаць тое, што хвалюе і баліць»
— Нядаўна ў нас выйшла інтэрв’ю з блогеркай і айцішніцай Волей Дзюба. Яна закранула важнае пытанне: як вырашыць праблему эпідэміі мужчынскай адзіноты? Бо жанчыны больш эмацыйныя, больш маюць зносін...
— Думаю, тут і слёзы дапамогуць. Але ж, калі я кажу пра слёзы, то гэта ж і пра тое, што важна прагаворваць тое, што цябе хвалюе. Не хадзіць з гэтым сам-насам, а пагаварыць з кімсьці.
Добра, што мужчыны пачынаюць прыходзіць у тэрапію. Ведаю, што ёсць і мужчынскія групы. І гэта класна.
Важна прапрацоўваць свае эмоцыі і боль. Не рабіць выгляд, што праблемы няма, а прызнаць тое, што хвалюе і баліць, шукаць дапамогі. Не саромецца прызнацца: «Сябры, у мяне цяжкая сітуацыя. Мо, пагаворым...»
Калі пакуль няма грошай на спецыяліста, можна чытаць кніжкі. Магу парэкамендаваць творы амерыканскага псіхатэрапеўта Джэймса Холіса.
А яшчэ нам трэба быць больш уважлівымі да адзінокіх людзей ў нашым асяроддзі: званіце, пішыце, праводзьце больш часу разам. Не будзьце адны і не дазваляйце ім быць таксама ў адзіноце.
«Навошта вавёрчыным колам кручуся, схапіўшы абруч...»
— Якія радкі Мікіты Найдзёнава з вашага спектаклю «Мужчыны плачуць» вас больш закранулі ці ўразілі?
— Я змораны выбраўся з дому.
І стома вяла мяне прама,
у бок мармуровага мора.
Якога не ведаю мовы.
Але мармуровая праўда
змывае ня тое што стому,
а ўмоўнасці кожнай умовы.
Таго, хто далёка ад дому.
Нядзельныя простыя справы:
Піць каву буйнога памолу,
складаць неадольныя планы
і мора ўсяго на замову.
Але было сілы замала,
па змоўніцку грукала ў скроні.
І хвалямі колеру маві
выносіла некуды з дому.
Наўскрайку старой набярэжнай,
у парку, якога траціна
гублялася гэтак карцінна
пад безліччу розных падэшваў,
якія з усіх падарожжаў прыведзены
шляхам адзіным
Дзяўчына ў лёгкіх адзежах была пасярод і круціла
абруч...
У свеце дзе планы і кланы кіруюцца сэнсам падвойным,
дзе цягнуцца даўнія войны і падаюць спелыя лаймы
Спыніўшыся, тонка, павольна,
бы з лёгкай рукі Далай-ламы,
нібы ў перапынку рэкламы
Дзяўчына круціла абруч...
Навошта вавёрчыным колам
Кручуся, схапіўшы абруч...
Жыццё.
Вось садок, потым школа, вучоба, кар’ера хаўерам...
А ўрэшце ўсё так выпадкова...
Як выйсці і трапіць на бераг
дзе з поўным сусветным даверам
дзяўчына круціла абруч...
Гэта ж яшчэ і пра нейкае дзіцячае адчуванне. Калі ты абсалютна давяраеш сусвету, адкрыты... І зараз так хочацца вярнуць гэтую адкрытасць свету... Але як гэта зрабіць?
«У чужой краіне едзеш працаваць, і каб хоць нешта зарабіць, робіш фэйкавы пропуск. А потым мусіш падманваць украінскую паліцыю»
— Які самы цяжкі быў у вас перыяд эміграцыі?
— Самы пачатак, калі пераехалі ў Польшчу з Украіны пасля пачатку вайны. Зараз ужо больш-менш нейкая яснасць. А тады было вельмі цяжка.
Але ж і пераезд з Беларусі ва Украіну таксама быў цяжкі. Падвоеная эміграцыя.
Цяжкія думкі пра пакінуты дом ды родных, якія засталіся ў Беларусі. Пра сяброў. Шмат мітусні, уладкавання на новым месцы. Можа з большага насамрэч і стараешся сябе гэтым заняць.
Калі толькі прыехаў ва Украіну, быў кавід, усё закрыта, з працай незразумела што. У Беларусі да таго працаваў у «Свабодным тэатры», была нейкая паразумеласць, творчая ды бытавая.
У Кіеве пачаў працаваць у адным тэатральным праекце. Рэпетыцыі не аплочваліся і, каб нешта зарабіць, не губляць грошы на таксі, нам зрабілі фэйкавыя пропускі, што ты працуеш на нейкай працы і вымушаны карыстацца метро. Бо кавід, і не ўсім дазвалялі.
У мяне было напісана «усталёўка кандыцыянераў». І ў нейкі момант спыняе паліцыя і пытае, дзе працую. Пачаў нешта выдумляць, але пасля пытання «чым канкрэтна займаешся», я паплыў. Кажуць: «За колькі пропуск набыў?» Я адказаў, а яны кіўнулі: «А, дык нармалёва! Гэта яшчэ нядорага».
А для мяне тады сам факт, што ты ў чужой краіне, едзеш працаваць, і каб хоць нешта зарабіць, робіш фэйкавы пропуск, мусіш падманваць украінскую паліцыю... Сорамна было дужа. Але ж насамрэч гэта і грэх, і смех.
А яшчэ гаспадар нашай кіеўскай кватэры прапаноўваў драбавік у яго набыць: «Ці мала...»
«Жонка мне насамрэч нармалёва ўпраўляе мазгі»
— Вы пісалі вельмі прыгожы пост пра сваю жонку, з падзякай. Пра тое, што яна вельмі вас падтрымлівае, што моцная. То вы шчасліўчык. А якое ў яе стаўленне да мужчынскіх слёз?
— Так, згодны, я шчасліўчык. І да мужчынскіх слёз у яе цудоўнае стаўленне. Яна псіхолаг па адукацыі, сама гэтым займаецца. І мне насамрэч нармалёва ўпраўляе мазгі. Ды падтрымлівае ва ўсіх маіх пачынаннях.
Калі зусім цяжка, кажа, каб я не адчайваўся, што я таленавіты і ўсё будзе добра. Што з усімі фінансавымі праблемамі мы справімся.
Калі ж яна ў нейкім падобным адчаі, я таксама стараюся падтрымліваць. І вы маеце рацыю, мне з ёй супер пашанцавала, бо нават не ведаю, дзе б я быў без яе. І ў якім стане.
Яна цудоўны чалавек, дзякую Богу за тое, што нас звёў лёс. Бо без яе мне было б ніяк. Я яе вельмі кахаю.
— Мо, быў момант, калі вы былі ёй асабліва ўдзячны?
— Асабліва ўдзячны быў за тое, што яна мяне вывезла з Беларусі. Пасля Жодзіна і 15 содняў. Я б тады, хутчэй за ўсё, застаўся б на Радзіме.
А жонка, як толькі я выйшаў, сказала: «Усё. Мы пераязджаем». І праз месяц мы з’ехалі. То бок яна ўзяла на сябе гэтую ініцыятыву, бо мне падавалася, што «ну забралі нас на содні, але ж выйшлі. І далей яны ж адчэпяцца».
Але далейшы жыццёвы вопыт паказвае, што не адчапіліся б. Хутчэй за ўсё, прыйшлі б зноў. Таму тыя яе дзеянні вельмі важныя, важней за шмат якія словы падтрымкі. Мая жонка проста ўзяла і выцягнула мяне з Беларусі.
І яна ў шмат якіх жыццёвых момантах бачыць далей. Бо я трошкі жыву адным днём. А яна глядзіць на сітуацыю шырэй, бачыць больш глабальныя наступствы. У тым ліку пра тое, што ў Беларусі нам было заставацца небяспечна. Многа па жыцці было сітуацый, калі жонка прадбачыла, а потым аказвалася, што яна абсалютна мела рацыю.
«Мы давалі ім адчуванне, хай сабе і на некалькі гадзін, што яны як быццам дома»
— У гэтым годзе РПС споўнілася 20 гадоў. Але ж шмат хто, у тым ліку Вераніка Круглова з Kriwi, нам казаў, што творчасцю ды спевамі ў эміграцыі не заробіш. І трэба шукаць іншую працу, якая пракорміць.
— Я ўвесь час балансую на грані, не знайшоў пакуль іншую прафесію, не звязаную з творчасцю. Пакуль атрымліваецца зарабляць тэатрам, музыкай, агучкамі, выкладаннем. Усім, што звязана з творчасцю. Удаецца неяк з горам папалам зводзіць канцы з канцамі.
У мяне ёсць план, я актыўна вучу польскую мову. Бо хацелася б паспрабаваць трапіць ў нейкі польскі тэатр. Хочацца застацца ў прафесіі, але тут гэта цяжка па-за польскім тэатрам. Таму падцягну мову і паспрабую прапанаваць свае паслугі як актора.
Увесну у нас прайшоў тур РСП па польскіх гарадах. Вельмі класныя эмоцыі, адчуванні і гледачы.
Адзінае, заўважыў тэндэнцыю, што трошкі падае цікавасць да беларускай музыкі. Менш сталі хадзіць, у параўнанні з першымі гадамі, калі толькі мы прыехалі. Гэта і зразумела, лёгка патлумачыць. Бо вельмі шмат беларускіх музыкаў у эміграцыі і ледзь не кожны месяц канцэрты беларускіх гуртоў.
І людзі тут ужо трошкі паабвыкліся, абжыліся, ды пачынаюць глядзець навокал. Падтрымліваць не толькі беларускае, але ж пачалі ўжо і выбіраць. Калі ў адзін дзень канцэрт беларускага і нейкага сусветна вядомага гурта, то не заўсёды выбар падзе на беларускі.
Таму цяпер цяжэй збіраць публіку. Але ж не ўсім, Максу Каржу дакладна не (усміхаецца).
Але ж была і першапачатковая апантанасць, салідарнасць з Беларуссю, якая натуральным чынам змяняецца. Людзі тут ужо даўно, разумеюць, што і РСП тут ужо некалькі гадоў: мо, сходзім у наступны раз.
Але, згадваючы наш першы польскі тур, калі толькі пераехалі з Украіны, то ў кожным горадзе адбыўся аншлаг. Бо да таго часу мы шмат выступалі ў Беларусі, а потым сабралі сваіх у Польшчы. Тых, хто толькі-толькі таксама апынуўся ў вымушанай эміграцыі. І мы давалі ім адчуванне, хай сабе і на некалькі гадзін, што яны як быццам дома.
На жаль, цяпер, можа, і не ўсе нават хочуць гэтага адчування, гэтай болі і ўспамінаў. Але ж, упэўнены, што ўсё не дарма, і ў нас усё яшчэ будзе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное