Скандалы

«Иногда не до законов». На колішніх каталіцкіх могілках у Мінску будуюць корпус акадэміі КДБ

Тым часам гэтая тэрыторыя на паперы абароненая законам ад забудовы.

Фота: katolik.life

Як даведаліся вернікі, пры будоўлі ў цэнтры Мінска былі парушаныя пахаванні на старадаўніх каталіцкіх могілках — многія парэшткі падчас прац былі вынятыя з зямлі, паведамляе katolik.life. Гаворка ідзе пра былыя Залатагорскія могілкі — адны з найстарэйшых і самых вялікіх у Мінску.

У гады Першай сусветнай вайны на Залатагорскіх могілках хавалі ахвяр нямецкіх бамбардзіровак Мінска. У 1915-1916 гадах – мінскіх афіцэраў, якія памерлі ў шпіталях. Пасля 1920 года могілкі былі цалкам закрытыя, але падчас Другой сусветнай вайны тут таксама адбываліся пахаванні.

Гэтыя могілкі пачалі знішчаць яшчэ ў 1930-я, а ў 1980-я папросту знеслі і вывезлі надмагільныя пліты, а зямлю разраўнялі.

У 2017-м гарадскія ўлады замацавалі гэтую тэрыторыю за касцёлам святога Роха, які знаходзіцца побач, для добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання. Парафія сваімі сіламі зрабіла тут дэндрапарк. А ў 2019 годзе Мінкультуры ўключыла тэрыторыю ў ахоўную зону.

Але ўсё раптоўна змянілася ў траўні 2025-га, калі грамадства раптоўна даведалася, што менавіта тут плануецца маштабная будоўля.

У чэрвені знеслі знакамітую «глушылку» ля касцёла і іншыя пабудовы. Участак прац закрануў тэрыторыю, раней перададзеную парафіі, дзе ўжо былі высаджаныя кусты і дрэвы ў новым дэндрапарку — іх давялося тэрмінова перасаджваць у тыя месцы парку, якія засталіся за касцёлам.

Будоўля пачалася ўлетку, цяпер яна ў разгары. Дзеля прац нават перакрыта вуліца Чырвоназоркавая, як гэта пазначана на мапах Google і Яндэкс. Але інфармацыю аб закрыцці вуліцы афіцыйныя крыніцы не падавалі, падкрэслівае katolik.life.

У сакрэце трымаецца і аб’ект, які будуюць на могілках. У дакументах пазначана толькі, што гэта «шматфункцыянальны будынак», а ў адным з афіцыйных каментароў была ўзгадка пра «дзяржаўную навучальную ўстанову».

Касцёл святога Роха ў Мінску, архіўнае фота

Насамрэч на могілках вядзецца будаўніцтва новага корпусу Акадэміі нацыянальнай бяспекі, падведамаснай структуры КДБ. Звесткі пра выдзяленне ўчастка пад гэту ўстанову на былых Залатагорскіх могілках раней публікавалі недзяржаўныя медыя.

Як адзначае Наша Ніва, будаўніцтва на месцы могілак забаронена не толькі маральна-этычнымі нормамі, але і заканадаўствам.

Згодна з законам «Аб пахаванні і пахавальнай справе», выкарыстанне тэрыторыі былога месца пахавання пасля пераносу дазваляецца толькі пад зялёныя насаджэнні па заканчэнні дваццаці гадоў з моманту яго пераносу. Узвядзенне будынкаў і збудаванняў на гэтай тэрыторыі забараняецца.

То-бок нават калі зараз эксгумацыя парэшткаў мінскіх каталікоў адбываецца паводле закона, гэтую тэрыторыю нельга будзе выкарыстоўваць яшчэ дваццаць гадоў, а будаваць на ёй — увогуле ніколі.

Тым не менш нішто з гэтага не перашкодзіла КДБ пачаць будаўніцтва ў гэтым месцы. Беларускія чыноўнікі і праекціроўшчыкі працягваюць прытрымлівацца меркавання сваіх савецкіх папярэднікаў, што калі не бачна надмагілляў, то няма і могілак. Але яны ёсць, падкрэслівае выданне.

Гэта сотні, а можа і тысячы парэшткаў людзей, чые імёны сцерлі савецкія бульдозеры. Гэта продкі многіх беларусаў, што жывуць цяпер — іх магілы будуць ізноў парушаныя і разбураныя.

Але ў гэтым ёсць пэўны сімвалізм: спадчыннікі арганізацыі, што вырасла на касцях беларусаў, перамолатых сталінскімі рэпрэсіямі, цяпер узводзяць сваю вучэльню літаральна на касцях — каб вучыць новыя пакаленні, як трымаць беларускі народ у страху, робіць выснову «Наша Ніва».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(11)