«Калаўра мы не пакрыўдзілі». Дзе цяпер працуе былы старшыня Нацбанка?
Як стала вядома Нашай Ніве, былы шматгадовы кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр цяпер займае пазіцыю фінансавага дарадцы найбагацейшага бізнэсмена Беларусі Мікалая Вараб'я.
Павел Калаўр — беларускі банкір, які дзесяць гадоў — з канца 2014 па вясну 2025 — узначальваў Нацбанк. Увайшоў у гісторыю як чалавек, які стабілізаваў рубель пасля зацягнутых эпох няўдалых папярэднікаў.
Як раней паведамляла «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцы ў банкаўскіх колах, Калаўр спатыкнуўся на тым, што заплюшчваў вочы на свайго роду фінансавы арбітраж, якім захапіліся беларускія банкі (прычым перадусім тыя, у якіх менеджарамі працуюць дзеці Калаўра) на фоне дыспарытэту рублёвых ставак з Расіяй.
Гэта дазваляла банкам крута зарабляць у моманце, але падымала цану на грошы ў цэлым па эканоміцы.
З моманту адстаўкі ў сакавіку 2025 не было вядома, чым цяпер займаецца заслужаны беларускі фінансіст.
У верасні 2025 года Лукашэнка раптам успомніў пра Калаўра публічна, заявіўшы, што «яго не пакрыўдзілі». «Куды ён вызначыцца, туды няхай ідзе і працуе. Але ён хацеў бы працаваць у банкаўскім сектары. Калі ласка. Я не супраць. Я хачу, каб гэта разумелі. Таму ніхто Паўла Калаўра, як у народзе кажуць, з працы не здымаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з апаратам Нацбанка і кіраўніцтвам банкаў.
Як стала вядома «Нашай Ніве», у выніку Павел Калаўр аказаўся фінансавым дарадцам (іншая трактоўка — фінансавым дырэктарам) у Мікалая Вараб'я — як лічыцца, самага багатага і ўплывовага беларускага камерсанта эпохі позняга Лукашэнкі.
З іменем Вераб'я звязваецца дыскантаваная купля Прыёрбанка праз намінальную кампанію ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. У выніку «бізнэсмен удачы», меркавана, стаў уласнікам актыву ў чатыры разы даражэйшага, чым за яго было сплачана.
Заснавальнік і шматгадовы кіраўнік Прыёрбанка Сяргей Касцючэнка пасля адседкі эміграваў.
Прозвішча ж іншага топ-менеджара, Вадзіма Мацюшкіна, які з 2005 года быў намеснікам старшыні праўлення Прыёрбанка, а апошнія гады і старшынёй, знікла са старонкі, на якой пералічана кіраўніцтва банка.
Цяпер жа старшыня праўлення Прыёрбанка — нехта «Альдасары Махамед Абдула Махамед Алі», у раздзеле сціслай біяграфіі якога няма ніякіх даных пра вопыт работы на адпаведных пасадах.
Читайте еще
Избранное