Политика

Карбалевіч: «Галоўная нечаканасьць здарылася з палітвязьнямі, вызваленьне якіх лабіяваў польскі бок»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч піша на Радыё Свабода пра тое, як Лукашэнка выкарыстоўвае вызваленьне палітвязьняў.

На кароткі час перамовы ў Менску і вызваленьне 123 палітвязьняў уздыме інфармацыйную хвалю вакол Беларусі. Разрыў у палітыцы ЗША і Эўразьвязу адносна афіцыйнага Менску павялічваецца.

Валер Карбалевіч

Які эфэкт ад спыненьня санкцый па калію?

Перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і спэцпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам былі напружанымі, цягнуліся два дні. Іх вынікам стала ўгода: вызваленьне 123 палітзьняволеных у абмен на зьняцьце санкцый з беларускага калію.

Якія эканамічныя дывідэнды атрымае афіцыйны Менск ад «зьдзелкі» ў справах паставак калію? У дасанкцыйны пэрыяд доля Беларусі на сусьветным рынку складала каля 20%, а пасьля ўвядзеньня санкцый скарацілася да 6% (у 2024 годзе).

Цяперашняя ўгода можа прывесьці да двух наступстваў.

Па-першае, Беларусь зможа прадаваць калій у ЗША. Да санкцый на долю ЗША прыходзілася ўсяго каля 4-4,5% экспарту «Беларуськалія». Няшмат.

Па-другое, спажыўцы беларускага калію больш ахвотна стануць яго купляць, бо ня будуць баяцца амэрыканскіх другасных санкцый. Напрыклад, Індыя ў свой час была важным пакупніком калійных угнаеньняў зь Беларусі, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне спыніла імпарт гэтага тавару. Цяпер, імаверна, яна вернецца да даваеннага статус-кво.

Аднак, санкцыі ЭЗ не адмененыя. Гэта значыць, літоўскі порт Клайпеда закрыты для экспарту беларускага калію. Таму ягоная экспартная лягістыка застаецца ня вельмі выгоднай, і вялікага эфэкту чакаць ня варта. Прынамсі пакуль.

Каго вызвалілі і ня вызвалілі

Што тычыцца самага вялікага вызваленьня палітвязьняў у гісторыі Беларусі. Сярод 123 чалавек, якія выйшлі на волю, ёсьць грамадзяне васьмі краін: ад Аўстраліі да Японіі. Рэжым Лукашэнкі адмыслова назьбіраў людзей з усяго сьвету, каб мець запас для гандлю. Бо, як высьветлілася, гэты «тавар» добра прадаецца на сусьветным рынку.

Рэжым выставіў умову, што ўсе вызваленыя выганяюцца з Беларусі за мяжу. Умовай ЗША, відавочна, было тое, каб сярод вызваленых былі вядомыя асобы.

У выніку быў вызвалены галоўны прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду ў 2020 годзе Віктар Бабарыка, чальцы ягонай каманды Марыя Калесьнікава, Максім Знак. Выйшлі на свабоду лідэры праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі (нобэлеўскі ляўрэат), Уладзь Лабковіч, а таксама знакавыя фігуры — Марына Золатава, Аляксандар Фядута, Павал Севярынец.

Ня менш важна адзначыць, каго няма сярод вызваленых. Ня выйшаў на волю сын Віктара Бабарыкі Эдуард. Ён застаецца ў закладніках, каб трымаць бацьку на кручку, зьвязаць яму рукі. Таксама ня вызвалены намесьнік Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

Але галоўная нечаканасьць здарылася з палітвязьнямі, вызваленьне якіх лабіяваў польскі бок. Ня выйшлі на свабоду манах Гавэл, якога беларускія ўлады абвесьцілі шпіёнам, журналісты Белсату, у прыватнасьці Каця Андрэева, і, што асабліва заўважна, Анджэй Пачобут.

Пра тое, што на гэты конт былі адмысловыя дамоўленасьці паміж Варшавай і Менскам, паведамляў сам Лукашэнка. Ён казаў, што гатовы да ўгоды з палякамі, узгадваў прозьвішча Пачобута. Польскі бок сваю частку дамовы выканаў, адкрыўшы два памежныя пераходы. Атрымліваецца, што Лукашэнка, груба кажучы, «кінуў» палякаў.

Лягістычны фінт

Гэтым разам беларускія ўлады зрабілі такі своеасаблівы лягістычны фінт. Раней усіх вызваленых палітвязьняў перавозілі ў Літву. Аднак цяпер у Вільню прыехалі толькі 9 чалавек. Астатніх 114 вязьняў павезьлі ва Ўкраіну. Гэта было нечакана для ўсіх — здаецца, і для амэрыканцаў. У чым сэнс гэтага фінту? Тут наклалася некалькі чыньнікаў.

Найперш, беларускі рэжым вырашыў стварыць дадатковыя праблемы вызваленым палітвязьням. Бо ў Вільні створаная пэўная інфраструктура для прыёму гэтых людзей, узгодненая зь літоўскімі ўладамі. Маецца на ўвазе і вырашэньне праблемы легалізацыі, і жытла. Тут назьбіралі грошы, каб людзям было за што жыць першым часам.

Ва Ўкраіне, якая ў стане вайны, з усім гэтым цяжэй, былым вязьням давядзецца ехаць празь межы ў краіны ЭЗ.

Вываз палітвязьняў ва Ўкраіну павінен, паводле лёгікі беларускіх уладаў, зьменшыць інфармацыйны эфэкт. Бо ў Вільні іх чакалі шматлікія журналісты, а таксама лідэры апазыцыі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай. Беларускія ўлады не хацелі, каб гэтае вызваленьне неяк было зьвязана зь дзейнасьцю Офісу Ціханоўскай, каб не падвышаць іхнюю ролю ў гэтым працэсе.

Ход Бабарыкам

Нарэшце, украінскі кірунак зьвязаны з асобай Віктара Бабарыкі. З часоў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году за ім замацаваўся імідж прарасейскага палітыка, бо ён доўгі час быў кіраўніком Белгазпрамбанку. І цяпер беларускія ўлады вырашылі неяк сапсаваць гэты імідж, умоўна кажучы. «Замазаць» яго ўкраінскім бэкграўндам.

Ва Ўкраіне вызваленых вязьняў сустракаў кіраўнік выведкі Кірыл Буданаў — культавая фігура ўкраінскага супраціву расейскай агрэсіі. Сам Уладзімір Зяленскі пагаварыў з Марынай Калесьнікавай.

Такім чынам, афіцыйны Менск імкнуўся да таго, каб зрабіць Бабарыку абсалютна таксычнай фігурай для Расеі, калі раптам у Маскве ўзьніклі б нейкія патаемныя пляны пагуляць зь фігурай былога банкіра. Таму прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант прыдумала вэрсію, нібыта палітвязьняў абмянялі на параненых расейцаў і палонных беларусаў, якія ваявалі за Расею.

Увогуле, паводле плянаў афіцыйнага Менску, гульня фігурай Бабарыкі мае быць шматхадовай. Яна павінна разбурыць канфігурацыю інстытутаў беларускай апазыцыі ў выгнаньні, стварыць штучную канкурэнцыю, унесьці разлад у дзейнасьць апанэнтаў.

І дасюль «бабарыкінцы» знаходзіліся ў мяккай апазыцыі да дзейнасьці Офісу Ціханоўскай. Ці паспрабуе «цяжкавагавік» Бабарыка аспрэчыць статус Сьвятланы ці Паўла Латушкі? Пакуль тут шмат невядомага.

У любым выпадку на кароткі час перамовы ў Менску і вызваленьне 123 палітвязьняў уздымуць інфармацыйную хвалю вакол Беларусі.

Разрыў у палітыцы ЗША і ЭЗ адносна Беларусі павялічваецца

Джон Коўл анансуе вызваленьне тысячы палітвязьняў. Вашынгтон адмяняе санкцыі. Брусэль жа ўводзіць новыя абмежаваньні.

Пакуль мала зразумела, як менскія перамовы паўплываюць на вырашэньне канфлікту паміж Беларусьсю і Літвой. Паводле Коўла, Лукашэнка абяцаў спыніць атакі кантрабанднымі балёнамі.

Але ён таксама шмат чаго абяцаў палякам.