Маціеўская: «Людзі могуць на некалькі месяцаў масава захраснуць у Польшчы»
Юрыстка Ганна Маціеўская тлумачыць у каментары Филину, чаму масавая дэпартацыя беларусаў без пашпартоў — вялікі выклік не толькі для іх. І да якіх складанасцяў трэба падрыхтавацца, каб не трапіць у «прававыя дзіркі».
109 беларусаў, якія былі вызваленыя 13 снежня, былі прымусова вывезеныя ва Украіну. Прычым большасці людзей, як і ў мінулай гісторыі з дэпартаванымі за межы Беларусі, не аддалі пашпарты.
Юрыстка, сузаснавальніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская распавяла «Филину» пра тое, якія складанасці і прававыя калізіі вынікаюць з неабходнасці легалізаваць сотню людзей без асноўнага дакумента.
— Акрамя парушэння міжнароднага права як з пункту гледжання злачынстваў супраць чалавечнасцi (прымусовай дэпартацыi), так і ў сферы свабоднага перамяшчэння (адсутнасць пашпартоў), гэта вялікі выклік для грамадзянскай супольнасці, — падкрэслівае юрыстка. — Людзей чакалі ў Вільні, але яны, не маючы рэчаў і дакументаў, апынуліся ва Украіне. Але самае вялікае пытанне — што будзе далей.
Пакуль няма адказу еўрапейскіх дзяржаў: ці будзе гэта класічнае перакрочванне мяжы праз ЕС (і калі так, то праз якую краіну), ці нейкія іншыя варыянты. Ад гэтага вельмі змяняюцца магчымыя сцэнары развіцця падзей.
Частка ўжо былых палітвязняў маюць блізкіх у краінах ЕС — і для іх ёсць розніца, у якой краіне яны маглі б патэнцыйна атрымаць неабходныя дакументы. А без пашпартоў магчымасці зрабіць гэта легальна вельмі абмежаваныя.
— Калі першай краінай ЕС для вызваленых будзе Польшча — гэта можа стварыць «прававыя дзіркі», — зазначае Ганна Маціеўская. — Прыкладам, чалавек, у якога няма пашпарту і нават няма куды візы паставіць, заяўляецца на атрыманне міжнароднага прытулку — а ў яго ёсць жонка ў Літве з гуманітарным ВНЖ. Па Дублінскім рэгламенце Польшча не абавязаная перадаваць гэтага чалавека ў Літву. І такіх сітуацый можа быць мноства.
Прычым з гэтым дакументамi аб прытулку ў Польшчы, ён можа знаходзiцца толькi 90 дзён цягам 6 месяцаў, а атрыманне лiтоўскiх дакументаў ужо праблематычнае: трэба выконваць дадатковыя крытэрыi.
Дэманстратыўная і нахабная дэпартацыя людзей без дакументаў і рэчаў, на думку Ганны Маціеўскай — дадатковы здзек уладаў з былых вязняў, спроба паказаць, што іх выкінулі з Беларусі і парвалі сувязі з ёй. Насамрэч, гэта не так — нават без дакументаў беларусы застаюцца грамадзянамі сваёй краіны. Але дадатковыя цяжкасці, безумоўна, гэта стварае.
— Нават калі іншыя краіны ЕС захочуць дапамагчы, то выдача візы не вырашае пытання комплексна.
Заява Германіі аб тым, што яны гатовыя ўзяць апеку над некаторымі палітвязнямі, яшчэ нічога не гаворыць аб тым, які статус атрымаюць гэтыя людзі.
Ці ведаюць нямецкія ўлады пра адсутнасць пашпартоў, цi маюць магчымасць выдачы падарожнага дакумента ў амбасадзе, і што змогуць прапанаваць: гуманітарны ВНЖ, бежанства ці грамадзянства?
На маю думку, самае важнае, што цяпер мусіць адбыцца — індывідуальны аналіз абставінаў кожнага вызваленага палітвязня. Каб не дапусціць, што людзей проста масава вывозяць і запускаюцца такія працэсы, якія адкруціць назад будзе складана (як прыклад, што я даводзіла раней). Бо ў момант перасячэння мяжы Украіны з любой краінай ЕС уступаюць у сілу класічныя правілы дублінскага рэгламенту, і гэта можа паглыбляць разрыў з роднымі ў іншых краінах ЕС.
Адсутнасць пашпартоў — гэта выклік. Па змоўчанні трэба мець дакумент, які дазваляе перасячы мяжу — а найчасцей такія дакументы выдаюцца еўрапейскімі краінамі толькі ў выключных сітуацыях.
У Польшчы, прынамсі, трэба мець від на жыхарства. І паводле польскага заканадаўства няма магчымасці выдачы нават тымчасовых падарожных дакументаў без ВНЖ. Ці будзе гэтая краіна, ці іншыя, мяняць свае правілы, карыстаючыся нейкай, так бы мовіць, дыпламатычнай падтрымкай, ці не?
У кожным разе сітуацыя, якая склалася цяпер, надзвычайная.
Адзіны плюс для тых, хто жадаў бы трапіць і застацца ў Польшчы: для іх працэдура будзе крыху спрошчанай. Акрамя дамоўленасцяў пра гуманітарныя калідоры (напрыклад, калі будзе гатоўнасць Літвы прыняць палітвязняў, будуць сем’і ці родныя ў Польшчы, прававы статус якіх не робіць Польшчу адказнай краінай — скажам, брат ці дарослае дзіця).
Але таксама падача на ўцякацтва ў Польшчы, калі ў чалавека няма пашпарту, па сутнасці блакуе на шмат месяцаў, нават да году, магчымасць выезду з краіны. А ў цяперашняй групе ёсць тыя, хто можа быць публічным спікерам, прасоўваць беларускае пытанне ў Еўропе — для іх гэта таксама выклік.
Падсумоўваючы — ёсць вялікая верагоднасць, што людзі могуць на некалькі месяцаў масава захраснуць у Польшчы, незалежна ад свайго жадання. Можа адбыцца і тэхнічная замінка, бо масавая падача на міжнародную абарону запатрабуе шмат часу (на чалавека можа спатрэбіцца і да 5 гадзін, калі гаворка пра некалькі дзясяткаў чалавек, то можа і содні, бо польская сістэма, на жаль, працуе вельмі павольна).
Таму, калі гэты трэк будзе выбраны — будуць хіба што вывозіць людзей з Украіны партыямі, бо сто асобаў адразу аформіць на мяжы і прыняць Польшча не ў стане. Альбо неабходна будзе прымаць выключныя рашэнні, як гэта раней зрабіла Літва, ці ладзіць гуманітарны калідор з напрамкам у Літву.
Таму вельмі важна апеляваць, каб былі ўлічаныя індывідуальныя абставіны, беручы пад увагу патэнцыйныя абмежаванні.
Бо з маёй практыкі працы з польскай сістэмай — якая б яна ні была агулам прыхільная да беларусаў у палітычным сэнсе, аднак у плане выключэнняў усё больш складана.
І каб не было сітуацыі, што жонка ў Гішпаніі, дзеці ў Нямеччыне, а былы палітвязень у Польшчы, і не можа да іх прыехаць — трэба апытаць усіх сто чалавек, даведацца пра гэтыя сувязі. Трэба знайсці адпаведнае рашэнне з краінамі ЕС. Інакш палітвязні могуць сутыкнуцца з паўторнай траўмай — ужо не ў Беларусі, а ў Еўразвязе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное
