Неабнародаваная сацыялогія: як у траўні–чэрвені 2020-га рэальна ацэньвалі Лукашэнку і кандыдатаў
Экс-палітвязень Юры Зянковіч расказаў, як падчас следства па яго крымінальнай справе ў КДБ узнікла ідэя «даказаць», што Лукашэнка карыстаецца шырокай народнай падтрымкай.
— Дзеля гэтага яны даслалі запыт у Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі: ці праводзіліся ўвесну-улетку 2020 году апытанні, вынікі якіх не публікаваліся, — піша ў сваім блогу Юры Зянковіч. — І такія апытанні знайшліся. У матэрыялах справы з’явіўся цікавы дакумент (том справы XXIII, старонкі 226-229), на якія журналісты не звярнулі тады ўвагі — хаця іх змест сведчыць аб зусім іншай карціне, чым афіцыйная прапаганда.
Зянковіч прыводзіць дадзеныя двух апытанняў, якія, па яго словах, былі ў яго справе.
Апытанне 1 (травень–чэрвень 2020, асабістыя інтэрв’ю, 1130 рэспандэнтаў):
- Лукашэнка — 15,4%
- Бабарыка — 15,0%
- Ціханоўская — 5,4%
- Цапкала — 3,8%
- «Супраць усіх» — 5,4%
- Не ўдзельнічаю — 3,5%
- Не вызначыўся — 46,1%
Апытанне 2 (травень 2020, тэлефон, 600 рэспандэнтаў):
- Лукашэнка — 26,6%
- Бабарыка — 1,4%
- Цапкала — 1,7%
- «Супраць усіх» — 8,1%
- Іншы — 12,5%
- Не хачу казаць — 13,7%
- Не вызначыўся — 35,5%
— Гэтая статыстыка была настолькі далёкая ад афіцыйных лічбаў, што яе вырашылі не паказваць грамадству, — канстатуе Юры Зянковіч. — Яна дэманструе, што ўжо да выбараў 2020 года ў Лукашэнкі была надзвычай нізкая падтрымка, а вялікая частка насельніцтва не вызначылася ці была гатовая падтрымаць альтэрнатыву. З улікам таго, як людзі ў Беларусі баяцца шчыра выказвацца на такія тэмы, папраўку няхай чытачы ўнясуць самі.
Гэтыя дадзеныя важныя не толькі як гістарычны факт, але і як доказ для міжнародных і нацыянальных судовых працэсаў: яны абвяргаюць аргументы аб «моцным народным мандаце» і дэманструюць, што пратэсты былі выражэннем шырокіх грамадскіх настрояў.
Читайте еще
Избранное