«Пад пагрозай — ня толькі першыя асобы»
Грамадзкія дзеячы ў выгнаньні распавялі Радыё Свабода — пра бясьпеку пасьля зьнікненьня Мельнікавай і Котава.
З моманту зьнікненьня былога дыплямата і сябра Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Анатоля Котава прайшло 50 дзён.
Да гэтага часу абставіны яго паездкі ў Турцыю застаюцца невядомымі. Няма таксама дакладнай інфармацыі пра лёс былой старшыні Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, зьвесткі пра зьнікненьне якой зьявіліся яшчэ ў сакавіку. Адна зь вэрсій — выкраданьне беларускімі ўладамі, але пацьвердзіць яе дагэтуль так і не атрымалася.
Напружаньня тэме бясьпекі актывістаў за мяжой дадала інфармацыя пра скарачэньне аховы лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай у Літве.
Прадстаўнікі Офісу пакуль не могуць адказаць, што канкрэтна зьменіцца. Але крыніцы Свабоды распавялі, што Офіс Ціханоўскай праінфармаваў пра гэта прадстаўнікоў урадаў заходніх краін.
Паводле крыніц Свабоды, у паведамленьні ад імя Офісу ў тым ліку гаворыцца, што ў выніку зьніжэньня ўзроўню аховы Сьвятлана Ціханоўская засталася без асабістай аховы; была зьнятая ахова і штаб-кватэры ў Вільні, Ціханоўскую таксама папярэдзілі, што цягам двух-трох тыдняў ёй належыць пакінуць жыльлё, дзе яна была пад аховай апошнія пяць гадоў.
Ці адчуваюць сябе беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму, у бясьпецы ў іншых краінах і ці не далі нагоду больш хвалявацца гісторыі са зьнікненьнем Мельнікавай і Котава? Пра гэта Свабода запыталася ў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Паўла Латушкі, былога намесьніка камандзіра палка Каліноўскага, а цяпер прадстаўніка па пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце Вадзіма Кабанчука, вядомай журналісткі, рэдактаркі выданьня Plan B Вольгі Лойкі і прадстаўніка BelPol Уладзімера Жыгара.
Уладзімер Жыгар: «Такая пэрсона, як сьпікерка Каардынацыйнай рады, не магла не разумець ступень пагрозы»
Прадстаўнік арганізацыі BelPol Уладзімер Жыгар упэўнена сьцьвярджае, што, безумоўна, ён адчувае сябе ў бясьпецы.
— Калі выконваць пэўныя захады бясьпекі, старацца максымальна часта мяняць месца жыхарства, не распавядаць каму папала, дзе ты жывеш, не публікаваць у сацсетках фатаграфіі зь месца жыхарства, можна адчуваць сябе бясьпечна. Я сябе адчуваю ў бясьпецы яшчэ і таму, што пэўную долю маёй бясьпекі забясьпечваюць і адмысловыя органы Польшчы, — кажа Ўладзімер Жыгар.
Што тычыцца гісторый са зьнікненьнем беларускіх апазыцыянэраў Анжалікі Мельнікавай, Анатоля Котава, то тут была ня столькі зьнешняя пагроза, колькі памылкі саміх людзей, лічыць Жыгар.
— Усім вядома, што Турэччына — краіна не небясьпечная для беларусаў. Аднак чалавек [Котаў] туды едзе. Мала таго, што ён раней працаваў на дзяржаўнай службе ў Лукашэнкі, дык быў асуджаны на вялікі тэрмін у Беларусі! Прычым, у Турэччыну ён паехаў ня першы раз.
Тое самае і зь Верамейчыкам [былы баец палку Каліноўскага, затрыманы ў 2024 годзе ў Віетнаме і перададзены Беларусі]. Ён быў сябрам Каардынацыйнай рады, і ўсе ведалі, што ён знаходзіцца ў Віетнаме. Пра гэта ведалі і ў Беларусі. І як яго адтуль дастаць — гэта ўжо справа тэхнікі, — мяркуе Ўладзімер Жыгар.
Калі казаць пра сьпікерку Каардынацыйнай Рады Анжаліку Мельнікаву, у яе гісторыі ёсьць дастаткова цёмных плямаў, лічыць прадстаўнік BelPol, і яны не даюць адназначнага адказу, па якой прычыне яна выехала з Шэнгенскай зоны ў краіну, якая прадстаўляе пагрозу для беларусаў.
— Анжаліка Мельнікава — публічная асоба. І такая пэрсона, як сьпікерка Каардынацыйнай рады, не магла не разумець ступень пагрозы.
Тое самае мяркую я пра людзей, якія езьдзяць у Беларусь, хаця яны ўсьведамляюць, што могуць там трапіць пад рэпрэсіі. Тут пытаньні да саміх людзей. Хаця ёсьць людзі, якіх удалося ўгаварыць з дапамогай шантажу спэцслужбам Лукашэнкі, і яны вярнуліся ў Беларусь, думаючы, што ім ўсё даруюць, — разважае Ўладзімер Жыгар.
Вадзім Кабанчук: «Расслабляцца нельга, трэба прымаць захады засьцярогі»
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне Вадзім Кабанчук зараз знаходзіцца ва Ўкраіне, дзе ідзе паўнамаштабная вайна, і таму пытаньні бясьпекі для яго знаходзяцца ў крыху іншым ракурсе.
— Што да асабістай бясьпекі, у мяне не зьявілася адчуваньня большай пагрозы, бо я ня першы год у дэмакратычным руху і ўжо 11 гадоў жыву ва Ўкраіне, дзе цяпер ідзе вайна. Што да помсты беларускіх спэцслужбаў, то ім ва Ўкраіне ня так проста дзейнічаць ва ўмовах вайны, іх тут абрубаюць эфэктыўна, і калі што — абрубяць яшчэ раз. Гэта паказаў 2022 год, — перакананы Вадзім Кабанчук.
А вось кейсы Мельнікавай і Котава яму паказваюць, што ўсе беларусы па-за межамі краіны зараз фактычна знаходзяцца ва ўмовах вайны з рэжымам, а не ва ўмовах нейкіх дэмакратычных працэдур.
— На жаль, гэта вельмі невыгодныя і нязручныя ўмовы для беларускіх дэмакратычных сіл, бо фактычна ў любую іх структуру можа прыйсьці хто заўгодна і заняць любую пасаду. Гэта можа быць альбо чалавек са спэцслужбаў, альбо чалавек, выкарыстаны гэтымі службамі. І што гэту сытуацыю трэба мяняць — для мяне гэта відавочна.
Мы павінны памятаць, што супраць нас процістаяць спэцслужбы дзяржавы, якія стала і шчодра фінансуюцца, там працуюць тысячы людзей, і іх задача стаіць — «распрацоўка» лідараў апазыцыі, шараговых сябраў апазыцыі. Таму расслабляцца нельга, трэба прымаць захады засьцярогі. Але трэба ведаць «залатую сярэдзіну», каб ня ўпасьці ў параною, — мяркуе Вадзім Кабанчук.
Вольга Лойка: «Гісторыя зьнікненьня Мельнікавай і Котава — гэта modus operandi
Галоўная рэдактарка выданьня Plan B, вядомая беларуская журналістка Вольга Лойка сьцьвярджае, што адчувае сябе ў бясьпецы, але разумее рызыкі.
— Розумам я асэнсоўваю, што я не ў бясьпецы. І вось гэтая дваістасьць мяне трымае ў тонусе: на побытавым, паўсядзённым узроўні я часта лаўлю сябе на думцы, што адчуваю сябе камфортна ў пляне бясьпекі. Але пастаянна сябе асаджаю, бо разумею, што на самых розных людзей адбываюцца атакі, і будуць адбывацца.
І спробы пераканаць сябе — а на фіга я рэжыму, я ж не Латушка, не Ціханоўская — цьвярозяць. Бо пад пагрозай могуць апынуцца ня толькі першыя асобы. Для запалохваньня дыяспары, актывістаў падыйдуць людзі, да якіх дацягнуцца значна прасьцей, чым да Латушкі і Ціханоўскай. Таму я мозгам кантралюю сябе пільна, каб занадта моцна не расслабляцца. Зь іншага боку, магчымасьцяў узмацніць сваю бясьпеку ў мяне няшмат, — канстатуе Вольга.
Што да гісторый зьнікненьня Мельнікавай і Котава, Вольга Лойка мяркуе, што тут цяжка даць ацэнку, бо гісторыі складаныя і шматфактарныя.
— Я ня ведаю, што здарылася з гэтымі людзьмі, не хачу будаваць гіпотэзы, бо гэтыя людзі могуць быць фізычна ў небясьпецы. Адна справа, калі мы разважаем, што чалавек сам вінаваты, калі ён нагу падвярнуў, іншая справа — калі зь ім бяда здарылася. Для мяне гэта гісторыя modus operandi: некалі і НКУС, а таксама сучасныя расейскія спэцслужбы актыўна выкарыстоўвалі пэўныя спосабы дзеяньня ў дачыненьні да сваіх праціўнікаў, асабліва тых, каго яны лічылі здраднікам, — кажа Вольга.
Яна прызнаецца, што ў яе ёсьць правілы асабістай бясьпекі, але ня можа сказаць, што яны моцна зьмяніліся пасьля зьнікненьня, да прыкладу, Анатоля Котава.
— У Турэччыну я б не паехала дакладна, бо ў мяне статус «тэрарыста». Дзякуй дзяржаве, яна паказала мне, што з паездкамі туды ня варта жартаваць. То бок, Егіпет, Турэччына, Віетнам — не. Акрамя Эўразьвязу ды яшчэ Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады я нікуды не паеду.
Статус «тэрарыста» не дае падумаць: а раптам мной зусім не цікавяцца? То бок, гэтая спакуса, хутчэй, будзе ў тых, хто публічна нідзе не выступае. Але ім трэба разумець, што яны таксама ў небясьпецы. Умоўна кажучы, можа быць паляваньне пэрсанальнае на кагосьці з топавых, а можа быць пастка на таго, хто выпадкова трапіць — Котаў ці хтосьці яшчэ. Таму я б раіла быць пільным — беларусы ўсім патрэбныя, — кажа Вольга Лойка.
Павал Латушка: «Мы ня можам стварыць контрвыведку на тэрыторыі іншай краіны»
На думку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушкі, многія з прадстаўнікоў і актывістаў дэмакратычных сіл Беларусі ня могуць адчуваць сябе бясьпечна. Зьвязанае гэта з мэтанакіраванай, сыстэмнай, маштабнай палітыкай, якую рэалізуе Лукашэнка з выкарыстаньнем спэцслужбаў па зьдзяйсьненьні экстэрытарыяльнага перасьледу беларусаў за межамі краіны.
Лукашэнка шмат разоў публічна выказваў пагрозы фізычнага характару спадару Латушку. Нацыянальная пракуратура Польшчы расьсьледуе крымінальную справу, у якой той праходзіць як ахвяра, на яго быў напад і ў Варшаўскім унівэрсытэце.
— Некалькі разоў мяне інфармавалі спэцслужбы Польшчы, што ім удалося перадухіліць дзеяньні з боку спэцслужбаў беларускага рэжыму. Калі падлічыць, колькі я атрымаў пагрозаў праз сацсеткі, e-mail, ад «пасланцаў» — я атрымаў ня менш за 160 пагрозаў, — сьцьвярджае Павал Латушка.
Ён кажа, што пасьля зьнікненьня сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай і Анатоля Котава яму дасылалі мэйлы з заклікам неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы і выехаць ў іншую заходнюю краіну, а лепш у ЗША.
— Натуральна, гэта можа выклікаць пачуцьцё небясьпекі, але небясьпека — гэта ня роўня страху. Ці гэта зьмяняе мой характар альбо мэтанакіраванасьць?
Небясьпека — яна адчуваецца, калі ты ўзгадваеш, што адзін з высокапастаўленых афіцэраў ваеннай выведкі Расеі прыходзіў да цябе пад выглядам гішпанскага журналіста, пазьней быў затрыманы за шпіянаж на тэрыторыі Польшчы, а потым у рамках абмену паміж Вашынгтонам і Масквой перададзены Расеі, — згадвае Латушка выпадак з Паўлам Рубцовым, абвінавачаным у Польшчы ў шпіянажы на карысць Расеі, які працаваў пад імем Пабла Гансалеса і двойчы прыходзіў да кіраўніка НАУ браць інтэрвʼю пад выглядам іспанскага журналіста.
Павал Латушка таксама прывёў некалькі прыкладаў, як два супрацоўнікі ваеннай выведкі Беларусі прыходзілі на курсы польскай мовы, што праводзяцца на адзін паверх ніжэй за офіс НАУ, як спэцслужбы рэжыму спрабавалі завэрбаваць 12 асобаў з ягонай каманды.
Сам Латушка, па яго словах, некалькі разоў ад польскіх уладаў атрымліваў прапанову зьмяніць месца пражываньня на кансьпіратыўную кватэру з забаронай публічнай камунікацыі.
— Я адмовіўся, таму што палітык павінен прымаць на сябе адказнасьць і рызыкі. Палітык з кансьпіратыўнай кватэры ня можа быць ні палітыкам, ні эфэктыўным дзеячам.
Як процістаяць гэтаму? Палітык называе такія меры: самаабарона; захады, якія павышаюць тваю бясьпеку, папераджальныя дзеяньні; інфармацыйная бясьпека.
— На жаль, мы ня можам стварыць контрвыведку на тэрыторыі іншай краіны, гэта немагчыма. Варта таксама разьлічваць на тое, што ў краіне, дзе мы знаходзімся, працуюць адпаведныя службы, якія процідзейнічаюць незаконным дзеяньням рэжыму Лукашэнкі настолькі, наколькі яны ў стане, — разважае Павал Латушка.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное