Пашкевіч: Калі амерыканцы возьмуць пад свой кантроль нафтавыя багацці Венесуэлы, то тактычна гэта на нашу карысць

Гісторык — пра немагчымасць даць дастойны адпор міжнароднаму хуліганству, дзейнічаючы строга па правілах.

Аляксандр Пашкевіч

— Ад навін у Венесуэле, з аднаго боку, з'яўляецца жаданне панаракаць, што вось, маўляў, парушэнне правілаў і нормаў, падрыў міжнароднага права і гэтак далей, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Але я асабіста наракаць не буду проста таму, што міжнароднае права, якое склалася пасля Другой сусветнай вайны і так-сяк з мадэрнізацыямі пратрымалася некалькі дзесяцігоддзяў, і так даўно ды безнадзейна падарванае.

І не дзе-небудзь у Афрыцы на поўдзень ад Сахары, а ў нашым рэгіёне. Таму нас працэс даўно датычыць не ўскосна, а самым непасрэдным чынам. А страціўшы галаву, па валасах не плачуць.

З другога боку, за гэтыя гады стала відавочным (мне, прынамсі), што даваць дастойны адпор міжнароднаму хуліганству, дзейнічаючы строга па правілах, бадай што немагчыма. Хуліганства да такой сітуацыі прызвычаілася і адчувае сябе ў ёй цалкам камфортна — бо калі праціўнік гуляе строга па правілах, ты можаш ягоныя дзеянні дакладна пралічыць. А ён твае — не, бо ты на правілы плюеш.

І таму выходзіць абсурдная сітуацыя, калі эканоміка хулігана і ўсе іншыя паказчыкі магутнасці ў разы, а то і ў дзясяткі ці нават сотні разоў меншыя, чым у «законнікаў» — але ў іх аграмадныя праблемы з мабілізацыяй і выкарыстаннем сваіх магчымасцяў, бо, у адрозненне ад хуліганаў, яны звязаныя па руках і нагах правіламі. Якія дэмакратычна распаўсюджваюцца і на хуліганаў, якія самі гэтыя правілы вядома на чым круцілі.

Вечна так працягвацца не можа, і само жыццё падштурхоўвае да таго, што старыя правілы рушацца і пішуцца — крывёй, вядома, як яно звычайна і бывае, — новыя.  Гэта можа абураць і страшыць, але без гэтага, бадай што, ніяк. Часта гэта проста пытанне элементарнай бяспекі, банальнага выжывання.

Прыгадайма хоць бы сітуацыю, што была некалькі гадоў таму, калі хуліганскі рэжым Лукашэнкі стаў атакаваць прымежныя краіны Еўрасаюза нелегальнымі мігрантамі. Разлік быў просты — у іх правілы, у адпаведнасці з якімі з кожным мігрантам, які праўдамі-няпраўдамі дабраўся да мяжы і яе нават нелегальна перакрочыў, павінны былі абыходзіцца ў адпаведнасці з сюжэтам рускай народнай казкі пра Бабу Ягу і добрага моладца: «В баньке попарь, напои, накорми, спать уложи, а потом расспрашивай».

І калі б гэта правіла дакладна, да літаркі выконвалася, то вельмі хутка ўсю адпаведную сістэму прынамсі ў прымежных краінах непазбежна чакаў бы калапс: яе магчымасці вычэрпваліся б, а натоўпы мігрантаў толькі павялічваліся б. Але польскія ці літоўскія ўлады своечасова гэта зразумелі і праз пэўны час проста перасталі правілы выконваць — заварочвалі парушальнікаў на мяжы без размоў, прымяняючы ў тым ліку і брутальную сілу. А заканадаўства адпаведнае падкарэктавалі ўжо пастфактум.

Гэта лакальны эпізод, але насамрэч усталяваныя правілы міжнароднага сужыцця даўно ляцяць у прорву і на глабальным узроўні. І насамрэч міжнародных хуліганаў можна спыніць толькі ў тым выпадку, калі іх не ўгаворваць і не заклікаць «абразуміцца», а наглядна паказваць ім, што адбываецца ў адваротным выпадку.

І ў гэтым плане тое, што Нікаласу Мадуру, якога ўжо пасля двух выбараў прызналі нелегітымным узурпатарам, але ён пляваць на гэта хацеў, наглядна паказалі, што гэта ўсё насамрэч не «хі-хі, ха-ха, хрэн вы мне што зробіце» — факт у прынцыпе пазітыўны.

Як той казаў, «его пример — другим наука», — у тым ліку і сардэчным сябрам на іншых кантынентах. Каб не лаяцца нецэнзурна, выкарыстаю тут дыялектнае слова з рубельскай гаворкі — «довыкобэльваўса».

Іншая рэч, што ў той жа час мы павінны разумець, што Дональд Трамп па сваёй натуры — той жа самы міжнародны хуліган, які правілы парушае не дзеля пільнай неабходнасці, бо сітуацыя вымушае, а таму, што яму самому гэта падабаецца, што гэта ягоны стыль.

І ягоныя дзеянні — гэта не ўчынкі рацыянальнага дэмакрата, закутага ў браню, бо з ваўкамі жыць — па-воўчы выць, а дзеянні вельмі крутога пацана ў адносінах з проста крутымі.

Можна параўнаць з крымінальным светам, дзе адбываюцца пастаянныя разборкі, падчас якіх гінуць і інакшым чынам жорстка цярпяць прадстаўнікі розных груповак — але ні катаў, ні ахвяраў язык не паварочваецца называць светлым бокам.

Вось нейкім чынам адбываецца і тут.

Спачуваць Мадуру не хочацца зусім, тым больш, што ўзнікае лагічнае пытанне — а якога ражна яго павінна бараніць міжнароднае права, калі ён афіцыйна прызнаны ўзурпатарам?

Але ж і Трамп на прэс-канферэнцыі ўжо даволі празрыста намякнуў, што на чарзе Мексіка, хай там і нібыта харошая жанчына пры ўладзе.

І прыгадваецца, што зусім нядаўна з гэтага самага языка не сыходзілі згадкі пра Канаду і Грэнландыю. Ці не акажацца неўзабаве, што грэнландскія інуіты таксама стогнуць пад уладай картэляў? Ну ці проста неабходныя для забеспячэння жыццёвай прасторы?

Тут узнікае вечная дылема, адлюстраваная ў савецкім фільме «Месца сустрэчы памяняць нельга». Той эпізод, дзе Жаглоў падкідае несумненнаму крымінальніку Кірпічу кашалёк у кішэню, каб не толькі спрасціць працэс ягонага накіравання за краты, але галоўнае — не абсячы нітачку, па якой можна дабрацца, размотваючы клубок, да небяспечнай банды.

Гледзячы фільм, як бы Жаглову (тым больш у выкананні Высоцкага) і сімпатызуеш — ну рэальна ж гэты Кірпіч злачынец, і супраць яго ўсе сродкі добрыя, на фіга тут гэтыя дурныя фармальнасці. Ну так, нібыта ўсё праўда.

Але паралельна развіваецца сюжэт, дзе той жа Жаглоў вядзе справу Івана Груздзева — і там ён таксама ва ўсім гэтак жа свята ўпэўнены ад пачатку ды не схільны забіваць галаву фармальнасцямі. У выніку атрымліваецца адна і тая ж палка з двума канцамі.

Ратаваць слабых ад моцных могуць толькі правілы, якіх мусяць хоцькі-няхоцькі трымацца і моцныя, бо і на іх ёсць управа.

Але пакуль што старыя правілы няўхільна руйнуюцца, новых няма і невядома калі напішуцца. А таму і прадказаць тое, што нас чакае ў найбліжэйшай будучыні, сказаць цяжка. Падазраю, што нічога асабліва добрага, прынамсі ў агляднай перспектыве.

Хоць думаю, што калі амерыканцы цяпер возьмуць пад свой кантроль нафтавыя багацці Венесуэлы — найбуйнейшыя з разведанных ва ўсім свеце — то тактычна гэта на нашу карысць.

Бо гэта прынамсі тэарэтычна дазваляе заходняму свету, часткай якога ЗША пакуль усё ж застаюцца, больш інструментаў уплыву на сусветны нафтавы рынак. А значыць — даюць больш механізмаў уплыву на пуцінскую Расію. Паўтаруся — тэарэтычна. А як будзе на практыцы — пабачым. Як той казаў — не пераключайцеся.