Общество

Судаленка: «Здаецца, цяпер усё — можна дыхаць на поўныя грудзі. Але не. Дзяржава не адпускае»

Праваабаронца — пра тое, як Беларусь ламае жыццё былым палітвязням.

— У Беларусі турэмная рашотка не заканчваецца на варотах калоніі, — піша Леанід Судаленка. – Уявіце: вы выходзіце на волю. За плячыма — гады прыніжэння, халодныя камеры, лісты праз цэнзуру, забароны нават на позірк у акно ў патрэбны момант.

Здаецца, цяпер усё — можна дыхаць на поўныя грудзі. Але не. Дзяржава не адпускае.

Паводле Крымінальнага кодэкса ваша судзімасць будзе вісець на вас, як бірка, яшчэ пяць гадоў — калі прыгавор быў па цяжкім артыкуле. Пяць гадоў, калі кожны крок могуць правяраць. Пяць гадоў, калі слова «свабода» гучыць як здзек.

А калі ваш «злачынства» — палітычная актыўнасць, вам прыгатаваны асаблівы «падарунак». Улады аўтаматычна заносяць ваша імя ў рэспубліканскі спіс «экстрэмістаў». І там вы застаняцеся яшчэ пяць гадоў пасля пагашэння судзімасці.

Дзесяць гадоў — цэлае жыццё падлетка, цэлая школа пад наглядам, цэлае дзесяцігоддзе скрадзеных магчымасцяў.

Што гэта значыць на практыцы?

Памянялі месца жыхарства? Паведаміце ў міліцыю. З’ехалі ў іншы горад больш чым на месяц? Паведаміце ў міліцыю. Прыйшоў званок «на размову»? Ты абавязаны прыйсці, нягледзячы ні на што.

Забудзьце пра працу ў адукацыі, выдавецтве, на дзяржслужбе.

Вашы банкаўскія пераводы і здзелкі — пад пастаянным кантролем.

І ўсе гэтыя гады вы — не грамадзянін, а паднаглядны аб’ект.

Нябачны ашыйнік на шыі. Цень, які ідзе за вамі па вуліцы, у краму, да сяброў. Гэта несвабода — без кратаў, але з ланцугамі з папяровых даведак, подпісаў і справаздач. Несвабода, якая цягнецца не месяцы, не гады — а дзесяцігоддзе жыцця.

Чалавек, які выйшаў на волю ў 2025 годзе пасля цяжкага палітычнага прыгавору, зможа па-сапраўднаму жыць толькі ў 2035-м. І гэта — калі яго зноў не пасадзяць. Дзесяць гадоў, за якія можна пабудаваць дом, выгадаваць дзіця, адкрыць сваю справу. Або — пражыць пад лупай дзяржавы, даказваючы кожны дзень, што ты не вораг.

Улада называе гэта «прафілактыкай». Людзі, што прайшлі праз гэта, называюць інакш. Несвабодай. Пакутай расцягнутай часам. І бясконцым пакараннем за тое, што яны калісьці сказалі: «Я не згодны».

Сапраўдная свабода для палітвязняў у Беларусі надыходзіць не тады, калі за імі зачыняюцца турэмныя вароты, а тады, калі дзяржава перастае дыхаць ім у спіну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)