Сяргей Жадан: «У мяне язык ніколі не павернецца выказваць вашым аўтарам прэтэнзіі за Лукашэнку»

Украінскі пісьменнік, музыка (фронтмен рок-гурта «Жадан і Собаки»), вайсковец — пра стасункі з беларускімі калегамі і прыфрантавы Харкаў.

Фота: instagram.com/serhiy_zhadan

— Беларускія культурныя колы я ведаю ўжо 30 гадоў, — нагадаў Сяргей Жадан на канале Навокал. — Памятаю, што першы раз прыехаў у Беларусь у 1994 годзе на фестываль у Новаполацку, які рабіла «Таварыства вольных літаратараў».

Для нас гэта было новае асяроддзе. Мы пабачылі новую беларускую літаратуру — пратэстную, авангардную, надзвычай цікавую. І з таго часу я з імі камунікую.

І ва Украіну я запрашаў шмат беларускіх пісьменнікаў і музыкаў. Мы прывозілі і Лявона Вольскага, і Андрэя Хадановіча, і Марысю Мартысевіч, і многіх іншых аўтараў.

Шмат каго ведаю, бачыў, што яны рабілі, як яны выступалі, і ў мяне язык ніколі не павернецца выказваць ім прэтэнзіі за Лукашэнку.

Лявон Вольскі прыйшоў да нас на апошні канцэрт у Польшчы, і мы разам спявалі, і далей будзем спяваць. Вельмі любім песню «Я рок-музыкант».

Шмат хто з украінцаў думае, што гэта наша песня. Але мы кажам: «Паслухайце, дык гэта ж Вольскі, гэта Народная Рэспубліка Мроя (N.R.M.)». Дык для многіх гэта адкрыццё.

Беларускую літаратуру ў нас чыталі, чыталі пісьменнікаў, большасць якіх выехала, калі пачалася поўнамаштабная вайна. У нас былі даволі добрыя і канструктыўныя сувязі з сучаснай беларускай літаратурай.

І літаратары таксама пастаянна да нас прыязджалі, і мы ездзілі ў Мінск, наколькі гэта было магчыма, з'яўляліся сумесныя пераклады. Гэта быў нармальны працэс з узаемнай павагай.

Жадан расказаў і пра прыфрантавы Харкаў, які амаль не пакідае з пачатку поўнамаштабнай вайны:

— Гэта памежны горад, горад-фартэцыя, горад, які абараняецца. Горад, які стаў цэнтрам рэгіёну. Ён моцна траўмаваны. Гэта горад, дзе пустыя ўніверсітэты, тэатры, канцэртныя залы.

Горад будаўнічых кранаў, якія не працуюць. У Харкаве вельмі шмат кранаў, бо горад развіваўся вельмі хутка да вайны, актыўна будаваўся. Цяпер усе гэтыя краны ўжо трэці-чацвёрты год стаяць.

Гэта горад, які адбіваецца, які амаль штодзённа абстрэльваецца. Горад, які змяніўся сацыяльна, таму што адсюль выехала вельмі шмат маладых людзей, выехалі ўсе замежнікі, якіх было багата.

Горад моцна змяняецца. Думаю, што пасля вайны ён будзе зусім іншым — і палітычна, і моўна, і культурна, і эканамічна. Рэальнасць гэтай вайны нельга будзе ігнараваць. Яна так ці інакш будзе вызначаць вялікія змены, — лічыць пісьменнік і ваяр.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(41)