Віктар Бабарыка ў Бруселі прэзентаваў сваю партыю «Разам»
«Мы павінны разарваць прывязку Беларусі да Расеі». Палітык распавёў пра тры асноўныя кірункі яго новай партыі.
Сваю партыю «Разам» Віктар Бабарыка прадставіў 4 сакавіка на Міжпартыйным форуме «8+100», які адбываецца ў Еўрапарламенце, паведамляе Белсат.
У сваім выступленні Бабарыка адзначыў, як цяжка было беларусам «заставацца на парадку дня еўрапейскай палітыкі і быць часткай еўрапейскай сям’і», асабліва тады, калі можна было пачуць пра тое, што «вы – суагрэсары, з краіны, якая пачала вайну супраць свабоды».
— Але я думаю, што рэжым – гэта не [простыя.– Рэд.] людзі. Беларусы не падтрымліваюць гэты рэжым. І калі я быў у турме, шмат людзей, палітычных і не толькі палітычных зняволеных, казалі, што яны не падтрымліваюць гэтую вайну, – заўважыў Бабарыка.
Ён сказаў, што зараз са сваёй партыяй «Разам» думае, што можна зрабіць, каб палепшыць гэтую сітуацыю, і назваў тры асноўныя кірункі працы, на якіх варта сканцэнтраваць свае намаганні.
— Першы: мы павінны працаваць, каб вызваліць усіх зняволеных. Усе згодныя з гэтым. Другі: мы павінны спыніць план стварэння зняволеных, палітзняволеных. Трэці, вельмі, вельмі складаны: як прымусіць еўрапейскія партыі, еўрапейскія ўрады паверыць, што беларусы... што беларускі народ – гэта не рэжым. І таксама, што Беларусь – гэта адна з частак бяспекі Еўропы, – адзначыў Віктар Бабарыка.
Ён заўважыў, што зараз важна ўкласці ў галовы еўрапейскіх палітыкаў і кіраўнікоў урадаў, што Беларусь павінна быць часткай Еўропы, бо гэта «не толькі наша свабода, гэта бяспека Еўропы». Бо 40 гадоў таму ў Беларусі здарылася чарнобыльская катастрофа, а зараз адбылася іншая, «грамадзянская катастрофа», і Беларусь і Украіна – частка гэтай катастрофы.
— І таму я думаю, што для нас вельмі важна стварыць новую сувязь паміж Украінай і Беларуссю… Мы павінны разарваць прывязку Беларусі да Расеі. І абсалютна ўпэўнены, што мы можам гэта зрабіць. І мы спрабуем зрабіць усё неабходнае, каб гэта адбылося», – сказаў Віктар Бабарыка, скончыўшы сваю прамову словамі «Жыве Беларусь!».
На форуме прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзевяці беларускіх дэмакратычных партый, якія былі знішчаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасля падзеяў 2020 году.
Читайте еще
Избранное