Выйшла кніга «Гайд Палітзняволення» з малюнкамі палітзняволеных беларусаў

«Праект 361.1» выпусціў ілюстраваную кнігу «Гайд Палітзняволення» з малюнкамі палітзняволеных беларусаў. Яе можна замовіць бясплатна.

Фота прадастаўлены праектам

— Гэтыя малюнкі — сведчанні сілы, болю і надзеі, — адзначаюць аўтары праекта.

Беларускамоўную версію кнігі можна замовіць праз Instagram праекта бясплатна. Анансуецца, што хутка выйдзе і і англамоўная версія.

— Наша мэта — не толькі распавесці пра тое, што перажываюць палітзняволеныя кожны дзень, але і нагадаць свету, што беларусы ўсё яшчэ тут, што нам патрэбная падтрымка, і што наш голас не павінен знікнуць.

Мы хочам, каб пра гэтыя гісторыі даведаліся не толькі беларусы, але і людзі па-за межамі Беларусі. Таму вядзем старонку на дзвюх мовах і шукаем падтрымкі, каб наша ініцыятыва атрымала як мага больш бачнасці.

Назва праекта — адсылка да артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі 361.1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім».

— Мы абралі назвай праекта менавіта гэты артыкул таму, што ён лепш за ўсё характарызуе сенняшні стан краіны, дзейнасць рэжыму і стан правоў чалавека ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)